Апостальская Сталіца працягвае дыялог з джайністамі | Друк |
Дзяржава Ватыкан
07.12.2011 10:29

6 снежня 2011 года ў Ватыкане прабывала дэлегацыя вызнаўцаў джайнізму на чале з дырэктарам інстытута джайналогіі Нэму Чандарыа, які каардынуе дзейнасць джайністаў ва ўсім свеце. З прадстаўнікамі гэтай рэлігіі Касцёл падтрымлівае адносіны з 1986 г.

У паведамленні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу адзначаецца, што адносіны католікаў і джайністаў засноўваюцца на глыбокай узаемнай павазе і сяброўскіх пачуццях. Падчас сустрэчы ўдзельнікі закранулі пытанне прынцыпу ахімсы (не наносіць шкоды жывому), які з’яўляецца асноватворчым у джайнізме, як міласэрнасць у хрысціянстве. Пры гэтым ўдзельнікі падкрэслілі, што агульнасць падыходаў павінна натхніць вызнаўцаў абедзвюх рэлігій да супрацоўніцтва дзеля дабра чалавецтва.

Сустрэча на такім узроўні паміж прадстаўнікамі двух веравызнанняў з’яўляецца другой у гісторыі. Першая адбылася ў лютым 1995 г. Сёлета прадстаўнікі джайнізму прымалі ўдзел у Міжрэлігійнай сустрэчы ў Асізі.

 
© 2003-2024 Catholic.by