Адбылася каталіцка-ісламская сустрэча, прысвечаная падтрымцы справядлівасці ў свеце | Друк |
Дзяржава Ватыкан
21.11.2012 20:07

21 лістапада ў Рыме завяршыўся сімпозіум з удзелам Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і ісламскай Арганізацыі па справах культуры і кантактаў з Іранам. Сустрэча мела назву «Каталіцка-мусульманскае супрацоўніцтва ў падтрымцы справядлівасці ў сучасным свеце».

На пасяджэнні абмяркоўвалася канцэпцыя справядлівасці, яе разуменне ў адносінах да чалавечай асобы, розных сфер грамадства і ўсяго чалавецтва. Кожны з гэтых пунктаў прадстаўляўся ў бачанні Каталіцкага Касцёла і шыіцкага напрамку ісламу. Гэтыя пытанні разглядаліся ў кантэксце эканамічнага крызісу, праблем прыроднага асяроддзя, аслаблення сям’і і пагрозы сусветнаму міру.

Як адзначаецца ў заяве па выніках пасяджэння, яго ўдзельнікі «знайшлі супольны грунт і агульныя каштоўнасці: веру ў Адзінага Бога, Стварыцеля ўсяго, які дае кожнай асобе разуменне справядлівасці ў розных абставінах — асабістых, камунікацыйных, грамадскіх, палітычных, эканамічных». Падкрэсліваецца, што новая сутнасць справядлівасці «павінна быць прыстасавана да выклікаў сучаснага свету», а «кожны веруючы чалавек нясе адказнасць за выяўленне несправядлівасці ва ўсіх яе праявах і за падтрымку справядлівасці».

«Мы верым, што нашы рэлігіі маюць асновы, якія могуць быць натхненнем для людзей у іх дзеяннях на карысць таго, каб справядлівасць і мір сталі рэальнасцю», — прыйшлі да высновы ўдзельнікі пасяджэння.

На заканчэнне ўдзельнікі сустрэліся са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, які заахвоціў іх «далей крочыць шляхам сапраўднага і плённага дыялога». Таксама было вырашана, што наступная канферэнцыя адбудзецца праз два гады ў Тэгеране (Іран).

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by