Новапрызначаны кардынал заклікае не губляць надзею ў перыяд крызісу веры | Друк |
Дзяржава Ватыкан
27.11.2012 11:14

Новапрызначаны кардынал, філіпінскі арцыбіскуп Манілы Луіс Тагле заклікаў хрысціян не баяцца таго, што колькасць вернікаў у некаторых краінах памяншаецца. Іерарх, якому Святы Айцец надаў кардынальскую годнасць у суботу 24 лістапада, заахвоціў перад абліччам крызісу веры не губляць надзею і працягваць давяраць Пану, ведаючы, што Дух Святы будзе надалей запальваць сэрцы людзей.

Па словах кардынала, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, перыяды паслаблення веры былі на працягу ўсёй гісторыі Касцёла.

Арцыбіскуп Манілы адзначыў, што наданне яму кардынальскай годнасці з’яўляецца заклікам, каб Касцёл на Філіпінах сур’ёзна ўсвядоміў сваю місію ва ўсёй Азіі. Філіпінцы, дадаў кардынал Тагле, могуць падзяліцца з хрысціянамі многіх краін сваёй верай, а таксама запаліць іншых гераізмам, з якім яны сведчаць аб ёй. Іерарх звярнуў увагу, што філіпінская дыяспара ва ўсім свеце захоўвае веру і спрыяе яе распаўсюджванню.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by