У Апостальскай Сталіцы праходзяць адвэнтавыя рэкалекцыі | Друк |
Дзяржава Ватыкан
13.12.2012 14:58

У Апостальскай Сталіцы пачаліся адвэнтавыя рэкалекцыі для Папы, якія праводзіць у капліцы «Redemptoris Mater» прапаведнік Папскага дому айцец Раньера Канталамеса. У падрыхтоўцы да Божага Нараджэння тэмамі казанняў святара стануць перадача хрысціянскай веры, яе сэнс, значэнне і дзейнасць, нядаўні Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі і 50-годдзе Другога Ватыканскага Сабору.

Як інфармуе руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, першае сваё разважанне прапаведнік прысвяціў Году веры. Як адзначыў святар, «Год веры — гэта нагода нанава адкрыць для сябе Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і засвоіць усё багацце вучэння, якое Касцёл прыняў, захоўваў і прапаноўваў на працягу дзвюх тысяч гадоў сваёй гісторыі». Айцец Канталамеса пажадаў, каб для кожнага хрысціяніна ў гэты год старонкі Катэхізіса змаглі «напоўніцца жыццём, якое да глыбіні кранае душу».

Гаворачы пра сэнс веры, святар падкрэсліў, што яе трэба перажываць найперш як сустрэчу з Хрыстом. Прапаведнік параўнаў сённяшні свет з абставінамі, у якіх дзейнічалі апосталы: яны «мелі перад сабой дахрысціянскі свет, а перад намі — свет постхрысціянскі, які чакае паўторнай евангелізацыі». Гэтаму свету, па словах рэкалекцыяніста, трэба прадставіць «духоўны меч» — значыць «абвяшчэнне ў Духу і моцы Хрыста».

Айцец Канталамеса дадаў, што, у адрозненне ад некаторых некаталіцкіх Цэркваў, якія лічаць галоўным прыняцце Езуса як Пана, Касцёл вучыць, што з моманту прыняцця Хрыста «адкрываецца шлях да росту і паўнаты хрысціянскага жыцця», які вядзе праз сакрамэнты, вучэнне Касцёла, прыклады святых.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by