У Ватыканскіх музеях усталююць новыя высокатэхналагічныя сістэмы | Друк |
Дзяржава Ватыкан
27.12.2012 15:45

У Ватыканскіх музеях будуць усталяваны новыя высокатэхналагічныя сістэмы, каб прадухіліць разбурэнне мастацкіх шэдэўраў, не абмяжоўваючы доступу наведвальнікаў у памяшканні, упрыгожаныя старажытнымі фрэскамі. Аб гэтым паведаміў дырэктар музеяў Антоніо Паолуччы.

Як інфармуе Седмица.ru са спасылкай на агенцтва CWN, дырэктар Ватыканскіх музеяў расказаў, што каля ўваходу ў Сікстынскую капэлу будзе змешчаны спецыяльны дывановы насціл для чысткі абутку тых, хто ўваходзіць у славутую святыню, каб пабачыць фрэскі Мікеланджэла і іншых вялікіх мастакоў.

Таксама будуць устаноўлены спецыяльныя вакуумныя трубачкі на сценах, каб убіраць пыл з адзення наведвальнікаў і змагацца з высокай тэмпературай і вільготнасцю, якія падвяргаюць фрэскі небяспецы.

Дырэктар музеяў сказаў таксама, што працуе над стварэннем «віртуальнага туру» па Сікстынскай капэле, які б дазволіў многім людзям убачыць мастацкія творы ў інтэрнэце і пачуць каментарый гіда.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by