Дырэктар Ватыканскай абсерваторыі пра Аб’яўленне Пана: тры мудрацы шукаюць «подпіс Бога» | Друк |
Дзяржава Ватыкан
05.01.2013 17:21

6 студзеня Касцёл будзе адзначаць урачыстасць Аб’яўлення Пана. Аб’яўленне — гэта цудоўная нагода задумацца над «подпісам», які пакінуў Бог на стварэнні. Аб гэтым піша на старонках газеты «L’Osservatore Romano» дырэктар Ватыканскай абсерваторыі, астраном і тэолаг а. Хасэ Фунэс.

Па словах святара, якія прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, падпісаць нешта — значыць узяць на сябе абавязак. Гэтак жа і Бог ставіць подпіс пад сваім абяцаннем, якое выконвае, даўшы свету свайго Адзінароднага Сына.

Як адзначае дырэктар Ватыканскай абсерваторыі, тры мудрацы з Бібліі прывыклі даследаваць неба, чытаючы ў ім сляды Божага подпісу. Таму яны выпраўляюцца ў шлях у Бэтлеем, каб знайсці там Дзіцятка — аўтара «подпісу», які яны ўбачылі не толькі на зорцы, але і ў сваім сэрцы. Сёння, працягвае аўтар артыкула, многія гоняцца за аўтографамі «зорак», забываючыся, што самы каштоўны подпіс знаходзіцца на небе і ў глыбіні нашага сэрца.

Касцёл, піша а. Фунэс, па сённяшні дзень ідзе разам з «трыма мудрацамі» нашага часу. Місія ватыканскіх астраномаў спадарожнічае даследаванням мудрацоў усіх эпох. З імі супрацоўнічаюць тэолагі, шукаючы магчымасць выйсці за межы навуковага.

Як адзначае святар, сучасная нестабільнасць у свеце можа быць стымулам для таго, каб зразумець наш статус як Божых стварэнняў. Перад няўпэўненасцю ў будучыні Бог дае сэнс і надзею, бо Ён — крыніца жыцця, укаранёнага ў сэрцах людзей.

Аўтар падкрэслівае, што сёння хрысціяне пакліканы ісці побач з людзьмі, якія аддаляюцца ад «Ерузалема», паколькі не знаходзяць сэнсу ў гісторыі свету і ў сваім уласным жыцці. Разам з Панам Богам, дадае святар, мы ідзём з імі, цярпліва прыслухоўваючыся да іх праблем.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by