Апостальская Сталіца і Ізраіль абмеркавалі эканамічныя і падатковыя пытанні | Друк |
Дзяржава Ватыкан
30.01.2013 16:11

Апостальская Сталіца і Ізраіль правялі 29 студзеня двухбаковую сустрэчу, падчас якой былі абмеркаваны эканамічныя і падатковыя пытанні адносна Каталіцкага Касцёла на Святой Зямлі. У сумеснай заяве Двухбаковай пастаяннай рабочай камісіі гаворыцца аб «значным прагрэсе» ў імкненні да заключэння пагаднення.

Дэлегацыю Ватыкана ўзначаліў намеснік сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыяту кс. прэлат Этторэ Балестрэра.

Ізраільскія СМІ, на якія спасылаецца Ватыканскае радыё, паведамляюць, што бакі дасягнулі прарыву ў перамовах, якія працягваюцца з 1999 г., і не выключана, што на наступным пасяджэнні камісіі, якое адбудзецца летам у Ватыкане, будзе складзены выніковы варыянт пагаднення. Між іншым, Ізраіль пагадзіўся вызваліць ад выплаты падаткаў касцёльныя ўстановы, якія не займаюцца эканамічнай дзейнасцю. Таксама было дасягнута пагадненне аб тым, што касцёльныя землі ў Капернауме, на Гары Благаслаўленняў, каля касцёла Звеставання ў Назарэце і яшчэ ў двух месцах не будуць адчужаны для правядзення інфраструктурных прац. У той жа час, пры ўзгадненні са Святым Пасадам, яны могуць быць выкарыстаны ў мэтах забеспячэння грамадскай бяспекі ў крызісных сітуацыях.

Пытанне адчужэння касцёльных земляў у іншых месцах, паводле ізраільскіх медыя, усё яшчэ застаецца адкрытым.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by