Дата канклаву стане вядома вечарам 8 сакавіка | Друк |
Дзяржава Ватыкан
08.03.2013 15:55

Падчас вячэрняй агульнай кангрэгацыі 8 сакавіка кардыналы будуць галасаваць адносна даты пачатку канклава. Аб гэтым паведаміў падчас сустрэчы з журналістамі кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.

Святар паведаміў, што ўсе 115 кардыналаў-выбаршчыкаў прыбылі ў Вечны Горад і прымаюць удзел у агульных кангрэгацыях. Кіраўнік Прэс-службы, як інфармуе Ватыканскае радыё, расказаў таксама, што ў нядзелю 10 сакавіка некаторыя кардыналы плануюць цэлебраваць святыя Імшы ў сваіх тытулярных касцёлах, якія знаходзяцца ў Рыме. Ксёндз Ламбардзі нагадаў пра малітоўную ініцыятыву, якая існуе ў інтэрнэце, — магчымасць абрання асобнага кардынала для асаблівай малітвы за яго. У ініцыятыве прымаюць удзел каля 200 тысяч чалавек.

Сёння адбылося 18 дакладаў кардыналаў, а за ўвесь час правядзення агульных кангрэгацый выступілі каля 100 іерархаў. 8 сакавіка імі ўздымаліся такія тэмы, як міжрэлігійны дыялог, біяэтыка, патрэба ў пазітыўным абвяшчэнні Евангелля.

Журналістам было прапанавана праглядзець відэазапіс, зроблены ў Доме св. Марты, дзе падчас канклаву будуць пражываць кардыналы. Акрамя таго, былі паказаны пакоі, у якіх некаторы час правядзе будучы Папа, перш чым пераедзе ў Апостальскі палац.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by