Сінод Біскупаў просіць аб малітве перад ІІІ Надзвычайнай сесіяй |
Дзяржава Ватыкан
|
06.09.2014 20:22 |
Нядзеля 28 верасня 2014 г. будзе прысвечана малітве ў інтэнцыі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Генеральнага сакратарыяту Сіноду, апублікаваным 6 верасня. Акрамя таго, “мясцовыя Касцёлы, парафіяльныя супольнасці, інстытуты кансэкраванага жыцця, асацыяцыі і рухі запрашаюцца да малітвы падчас эўхарыстычных цэлебрацый і іншых набажэнстваў на працягу дзён, якія будуць папярэднічаць сінадальным працам, і падчас іх”.
ІІІ Надзвычайная сесія Сіноду Біскупаў пройдзе 5-19 кастрычніка ў Ватыкане і будзе прысвечана душпастырскім выклікам, звязаным з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі.
Сакратарыят Сіноду паведаміў, што ў Рыме малітвы ў інтэнцыі форума будуць праходзіць штодзённа ў базыліцы Санта-Марыя Маджорэ перад абразом Маці Божай Апякункі рымскага народа. “Вернікі могуць далучыцца да гэтай інтэнцыі ў асабістай малітве, асабліва ў сям’і”, - гаворыцца ў паведамленні. Адначасова рэкамендуецца малітва на ружанцы.
Адзначаецца таксама, што ў бліжэйшыя дні пад рэдакцыяй Генеральнага сакратарыяту Сіноду будзе апублікаваны Дапаможнік на розных мовах з тэкстам малітвы да Святой Сям’і за Сінод, складзенай Папам Францішкам.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|