Навіны Сіноду: сямейная пара расказала пра гомасексуальнасць, якую сустракае ў штодзённасці |
Дзяржава Ватыкан |
07.10.2014 12:51 |
Аўстралійская сямейная пара распавяла ўдзельнікам Сіноду Біскупаў у Ватыкане пра вопыт сустрэчы гомасексуальнасці ў сваім акружэнні. Рон і Мэвіч Пірола з Сіднея распавялі ўдзельнікам Сіноду пра сужэнства і сям’ю іх сяброў — каталіцкую сямейную пару, сын якіх прызнаўся бацькам у сваёй гомасексуальнасці і папрасіў дазволу запрасіць свайго партнёра на святкаванне Калядаў. Бацькі, «цалкам верныя вучэнню Касцёла», падтрымалі ідэю сына. «Для парафіі гэта прыклад евангелізацыі, калі яны адказваюць на падобныя сітуацыі ў іх акружэнні», — сказала сямейная пара, якая жыве ў шлюбе 55 гадоў і якая гэтымі днямі ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў у ролі вольных слухачоў. Як перадае іх словы прэс-служба Ватыкана, гэта практычны прыклад таго, як Касцёл можа паводзіць сябе ў такіх сітуацыях, а таксама сведчыць аб ролі настаўніка і пасрэдніка Божай любові. На разведзеных не зважаюць у парафіі Далей сям’я Пірола распавяла пра сваю разведзеную сяброўку, якая адчувае сябе ў сваёй парафіі не да канца прынятай. Пры гэтым яна рэгулярна наведвае з дзецьмі святую Імшу. «Для астатняй парафіі яна павінна быць прыкладам адважнасці і захавання перад жыццёвамі акалічнасцямі», — расказала сямейная пара. Сінод Біскупаў, прысвечаны тэме сям’і, працягне сваю працу да 19 кастрычніка. У ім акрамя біскупаў прымаюць удзел таксама свецкія асобы, якія не маюць права голасу, аднак могуць выказвацца па пытаннях, якія стаяць на абмеркаванні. Тэма Сіноду закранае новыя выклікі сям’і: сексуальную мараль, паўторныя шлюбы, аднаполыя саюзы, жыццё сужэнцаў у нявернасці і іншыя тэмы. Асновай для абмеркавання стаў так званы «Instrumentum laboris» («Працоўны дакумент»), складзены на аснове зваротнай сувязі ў выглядзе анкет, якія распаўсюджваліся ў парафіях розных краін і змяшчалі пытанні адносна сям’і, шлюбу і сексуальнасці. Паводле Katholisch.de Пераклад з нямецкай І. Лапато |