Навіны Сіноду: біскупы выслухалі досвед каталіцка-мусульманскай сям’і з Афрыкі | Друк |
Дзяржава Ватыкан
08.10.2014 14:29

Жанчына з Заходняй Афрыкі падзялілася сваім досведам змешанай рэлігійнай сям’і.

У сераду сваім досведам шлюбу з мусульманінам падзялілася Жанэт Турэ, каталічка з Кот д’Івуара. Расказваючы пра сваю сям’ю перад Сінодам Біскупаў, жанчына зазначыла, што разам з мужам яны ўжо пражылі 52 шчаслівыя гады ў талерантнасці і ўзаемнай павазе да веры кожнага з сужэнцаў.

Пяцёра дзяцей гэтай сямейнай пары з разумення мужа былі ахрышчаныя і выхаваныя ў каталіцтве. Паводле слоў Турэ, яе дзеці навучыліся паважаць іншых людзей з усімі іх адрозненнямі.

Як інфармуе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва Аўстрыі, жанчына расказала, што ў яе краіне 40 працэнтаў жыхароў называюць сябе мусульманамі, а 30 працэнтаў — хрысціянамі, большасць з якіх складаюць менавіта католікі.

Выступленне Жанэт Турэ, якая ўзначальвае каталіцкі саюз жанчын Код Д’івуара, адкрыла пасяджэнне біскупаў на тэму душпастырскіх выклікаў сем’яў. Жанэт Турэ — адна з 36 экспертаў, запрошаных для ўдзелу ў Сінодзе.

(JLS)

 
© 2003-2024 Catholic.by