Салідарнасць і духоўную блізкасць з сем’ямі, якія пакутуюць ад канфліктаў, што трываюць у розных кутках свету, выказалі ўдзельнікі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў 10 кастрычніка.
«Асаблівым чынам узносім да Пана нашу малітву за іракскія і сірыйскія сем’і, вымушаныя з прычыны сваёй хрысціянскай веры або прыналежнасці да іншых этнічных ці рэлігійных супольнасцяў пакінуць усё і ўцякаць у накірунку будучыні без гарантый», — гаворыцца ў спецыяльным пасланні, скіраваным сінадальнымі айцамі. Удзельнікі асамблеі нагадалі словы Папы Францішка пра тое, што «ніхто не можа выкарыстоўваць сілу ў імя Бога для здзяйснення насілля» і што «забойствы ў імя Бога — гэта вялікае блюзнерства».
«Скіроўваючы падзяку міжнародным арганізацыям і краінам за іх салідарнасць, заклікаем усіх людзей добрай волі аказаць неабходную падтрымку і дапамогу нявінным ахвярам трываючых варварстваў і, у той жа час, просім міжнародную супольнасць прыкласці намаганні для рэстабілізацыі мірнага суіснавання ў Іраку, Сірыі і на ўсім Блізкім Усходзе», — заклікалі ўдзельнікі Сіноду. Яны выказалі салідарнасць таксама з сем’ямі, якія сустракаюцца з насіллем у іншых частках свету. «Хочам запэўніць іх у сваёй пастаяннай малітве, каб міласэрны Пан навярнуў сэрцы і адарыў мірам і стабільнасцю людзей, падвергнутых выпрабаванням», — гаворыцца ў пасланні.
Удзельнікі Сіноду пажадалі, каб Святая Сям’я з Назарэту, якая перажыла «балючы шлях выгнання», учыніла з кожнай сям’і «супольнасць любові і згоды», крыніцу надзеі для ўсяго свету.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|