Адкрыццё сесіі Міжнароднай тэалагічнай камісіі: «Вера — гэта не ірацыянальны досвед» | Друк |
Дзяржава Ватыкан
03.12.2014 15:14
Аб цеснай сувязі дактрыны і душпастырства нагадаў кардынал Герхард Людвіг Мюлер, адкрываючы пасяджэнне Міжнароднай тэалагічнай камісіі. «Любое аддзяленне тэорыі ад практыкі веры будзе тонкай, але сур’ёзнай хрысталагічнай ерассю», — сказаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, які таксама з’яўляецца старшынёй гэтай камісіі. «У сапраўднай тэалогіі разуменне веры ніколі не аддзяляецца або супрацьпастаўляецца душпастырству ці досведу веры. Тэалогія заўсёды мае глыбокае душпастырскае вымярэнне», — адзначыў кардынал.

Іерарх звярнуў увагу на думку Айцоў Касцёла, дзе тэалогія заўсёды нараджаецца з літургіі, адарацыі таямніцы Бога і сузірання Слова, якое сталася целам. Кардынал нагадаў пра асаблівую адказнасць тэолагаў. «Хрысціянская вера не з’яўляецца ірацыянальным досведам, таму тэолагі пакліканы быць захавальнікамі і праваднікамі рацыянальнасці веры. У хрысталагічным пасрэдніцтве Бог дае сябе нашаму розуму, у тым ліку і ў рацыянальнасці свайго самааб’яўлення», — сказаў кардынал Мюлер.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by