Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вынікі года: найбольш цікавыя падзеі і факты з Ватыкана
Дзяржава Ватыкан
31.12.2014 12:08

Сінод Біскупаў, беатыфікацыйныя і кананізацыйныя ўрачыстасці з удзелам адразу двух Пантыфікаў, вялікая колькасць вернікаў на аўдыенцыях Папы Францішка – пра гэта і не толькі ў аглядзе Catholic.by

 

1. Сінод Біскупаў на тэму сям’і

Да найважнейшых падзей 2014 года належыць Сінод Біскупаў, прысвечаны тэме сям’і. ІІІ Надзвычайная сесія Сінода Біскупаў на тэму «Душпастырскія выклікі сем’яў у кантэксце новай евангелізацыі» адбылася ў Ватыкане з 5 па 19 кастрычніка. Беларусь на Сінодзе прадстаўляў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Вялікая занепакоенасць была выказана адносна паняцця «талерантнасць», якое сёння так актыўна ўплывае на людзей: думаць не так, як думае грамадства — значыць быць неталерантным,  распавёў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Закраналася тэма і гомасексуальных саюзаў. Заклапочанасць няякаснай падрыхтоўкай да сакрамэнту шлюбу таксама знаходзіла сваё абмеркаванне.

Зазначалася, што колькасць кананічных шлюбаў змяншаецца, у той час як усё больш сем’яў жывуць без касцёльнага благаслаўлення. Біскупы падтрымалі ідэю неабходнасці стварэння асобнага катэхізіса пра сям’ю. Асобна абмяркоўваліся і сённяшнія працэсы скасавання шлюбу ў Касцёле. У прыватнасці, зазначалася, што касцёльныя суды павінны спрасціць такія працэсы».

2. Кананізацыя бл. Яна Паўла ІІ 

Не менш важнай падзеяй Каталіцкага Касцёла стала кананізацыя Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, дзякуючы якой Касцёл атрымаў вялікага заступніка ў небе. Беларусь шмат у чым удзячная св. Яну Паўлу ІІ, які ў свой час распазнаў знакі часу і менаваў новых біскупаў для Беларусі, прызначыўшы ў нашай краіне касцёльныя структуры. 

У Смаргоні сёння ўзвышаецца першая ў Беларусі святыня, якая носіць імя св. Яна Паўла ІІ. У шэрагу беларускіх парафій былі таксама ўнесены рэліквіі крыві Святога Айца.

3. У аўдыенцыях з Папам Францішкам прыняло ўдзел амаль 6 мільёнаў чалавек

Асоба Святога Айца Францішка карыстаецца вялікай папулярнасцю. Шмат людзей з усяго свету пілігрымуюць у Вечны горад, каб узяць удзел у агульных аўдыенцыях, якія адбываюцца па серадах, або ў нядзельных малітвах "Анёл Панскі" з удзелам Пантыфіка.

Самым шматлікім у 2014 годзе па колькасці пілігрымаў стаў красавік, які сабраў на агульных аўдыенцыях 205 тысяч вернікаў. Жнівеньскія сустрэчы сталі самымі малаколькаснымі, на іх прыйшло 25 тысяч чалавек. У сярэднім на сустрэчу са Святым Айцом кожную сераду збіралася каля 30 тысяч чалавек. 

Як паведаміла прэфектура Папскага дому, у 2014 годзе ў сустрэчах і ўрачыстасцях з удзелам Папы ў Ватыкане прыняло ўдзел 5 млн 916 тысяч асобаў. У 43 генеральных аўдыенцыях удзельнічала 1 млн 200 тысяч вернікаў.

На аўдыенцыях для груп і пілігрымак з Папам сустрэлася больш за палову мільёна чалавек. Тры мільёны прысутнічала на нядзельных малітвах "Анёл Панскі". Найбольшую колькасць чалавек Ватыкан прыняў у маі на кананізацыі двух Папаў Рымскіх.

4. Сустрэча з двума Папамі

Гэты год быў таксама ўнікальны ў тым сэнсе, што некаторыя іерархі і вернікі мелі магчымасць сустрэцца з двума Папамі адразу: з дзеючым Пантыфікам Францішкам і Папам на пенсіі Бэнэдыктам XVI.

22 лютага 2014 года Бэнэдыкт XVI браў удзел у кансісторыі, падчас якой Папа Францішак прызначыў 19 новых кардыналаў. Гэтая ўрачыстасць у базыліцы ў Ватыкане стала першай урачыстасцю з удзелам двух Пантыфікаў.

Два месяцы пазней 27 красавіка 2014 года Бэнэдыкт XVI удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі кананізацыі двух Святых Айцоў Яна XXIII і Яна Паўла ІІ. Гэта была першая ўрачыстасць на плошчы св. Пятра ў Ватыкане з удзелам Папы Рымскага на пенсіі і дзеючага Пантыфіка, падчас якой былі кананізаваныя два іх папярэднікі

28 верасня 2014 года Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у сустрэчы Папы Францішка з пажылымі асобамі на плошчы св. Пятра. Сустрэчу, у якой прынялі ўдзел каля 40 тыс. пажылых асобаў, сваім спевам адкрываў знакаміты італьянскі тэнар Андрэа Бачэлі. 

19 кастрычніка 2014 года Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, як адзін з кардыналаў, які атрымаў гэтае званне ад Пантыфіка Паўла VI, прыняў удзел у беатыфікацыі Паўла VI на плошчы св. Пятра.

5. Новыя заступнікі ў небе 

2014 год быў багаты на беатыфікацыі і кананізацыі. Два Папы Рымскія – Ян Павел ІІ і Ян XXIII -- былі кананізаваны, а Папа Павел VI абвешчаны благаслаўлёным. 

Вельмі сімвалічна, што Сінод Біскупаў, прысвечаны тэме сям’і і евангелізацыі, завяршыўся беатыфікацыяй Паўла VI – Пантыфіка, які вялікую ролю надзяляў напрамку навучання аб сям’і і сужэнскай маральнасці.

Сінод Біскупаў з’яўляецца адноўленай пасля стагоддзяў забыцця інстытуцыяй, аднаўленне якой якраз і ініцыяваў Папа Павел VI. Такім чынам Пантыфік імкнуўся, кіруючыся цэнтралізацыяй улады ў Ватыкане, распачаць вяртанне працэсаў калегіяльнасці Касцёла, калі біскупы мясцовых Касцёлаў – як у першыя стагоддзі хрысціянства – удзельнічалі ў прыняцці важнейшых рашэнняў, датычных усяго Каталіцкага Касцёла.

Кананізацыйныя, а таксама беатыфікацыйныя сёлетнія ўрачыстасці ажно трох Папаў сведчаць пра актуальнасць Другога Ватыканскага Сабору і аднаўленне Касцёла ў духу яго навучання, а таксама пра дыялог з грамадствам.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.