У Ватыкане ўзяты пад варту дзве асобы | Друк |
Дзяржава Ватыкан
03.11.2015 11:04

Прэс-служба Святога Пасаду паведаміла 2 лістапада аб крымінальным расследаванні, якое вядзе на працягу апошніх месяцаў Ватыканская жандармерыя ў сувязі з выкраданнем і распаўсюджваннем канфідэнцыйных дакументаў.

Вынікам расследвання стаў выклік на допыт і ўзяцце пад варту дваіх чалавек. Гаворка ідзе пра кс. Лусіа Вальеха Бальда і Франчэску Шаўкі, адпаведна сакратара і члена Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, створанай Папам у ліпені 2013 г., а затым распушчанай пасля завяршэння тэрміну яе паўнамоцтваў. Франчэска Шаўкі ўжо вызвалена з-пад варты.

Раскрыццё канфідэнцыйнай інфармацыі і дакументаў з’яўляецца злачынствам у адпаведнасці з артыкулам 10 Закона IX Дзяржавы Ватыкан.

Прэс-служба пракаментавала таксама інфармацыю аб выданні ў Італіі кніг, якія ўтрымліваюць канфідэнцыйную інфармацыю аб ватыканскіх фінансах. У гэты раз, як і ў мінулым, гаворка ідзе пра сур’ёзную здраду даверу Папы.

Аўтары скарысталіся незаконным спосабам атрымання канфідэнцыйных дакументаў, што можа пацягнуць за сабой прававыя наступствы. «Публікацыі такога роду ў любым выпадку не спрыяюць усталяванню яснасці і праўды, наадварот, сеюць блытаніну і частковыя і тэндэнцыйныя тлумачэнні», - гаворыцца ў афіцыйнай заяве Святога Пасаду.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by