Кардынал П'етро Паралін наведаў парыжскі кліматычны саміт | | Друк | |
Дзяржава Ватыкан |
02.12.2015 09:29 |
Як кіраўнік дэлегацыі Апостальскай Сталіцы, кардынал перадаў удзельнікам форуму словы падтрымкі і заахвочвання з боку Святога Айца. На думку Святога Пасаду, пагадненне па клімаце павінна грунтавацца на трох стаўпах. Першы — гэта прыняцце ясных этычных прынцыпаў. «Мы добра ведаем, што найбольш уражлівыя да феномену кліматычных змен асобы – гэта самыя бедныя і будучыя пакаленні, якія адчуюць на сабе іх самыя цяжкія наступствы, не будучы за іх адказнымі», — сказаў кардынал П’етро Паралін. Іерарх перакананы, што чалавецтва павінна ўмацаваць свядомасць таго, што з’яўляецца адзінай сям’ёй, у якой няма месца для так званай глабалізацыі абыякавасці. Важна, каб гэтае пагадненне грунтавалася як на прызнанні этычнага імператыву для дзейнасці ў кантэксце глабальнай салідарнасці, так і на супольнай і асабістай адказнасці, згодна з адпаведнымі здольнасцямі і ўмовамі. Другі фундаментальны элемент міжнароднага пагаднення па клімаце, на думку прадстаўніка Святога Пасаду, заключаецца ў тым, каб вызначыць напрамак дзейнасці ўсіх зацікаўленых бакоў: палітычных уладаў, прадпрымальнікаў, навукоўцаў і грамадскай супольнасці. Трэба з рашучасцю крочыць да эканомікі з нізкім выдзяленнем вугляроду і да інтэгральнага чалавечага развіцця, заўважыў Дзяржаўны Сакратар Папы. У дадзеным кантэксце кардынал звярнуў асаблівую ўвагу на адказнасць багатых краін, якія павінны даць прыклад і дапамагаць больш патрабуючым краінам рэсурсамі для развіцця палітыкі, а таксама праграм па ўстойлівым развіцці. Трэці важны элемент фінальнага дакумента парыжскага форуму — гэта позірк у будучыню. Патрэбны празрысты і эфектыўны кантроль за паказчыкамі ў дасягненні пастаўленых мэтаў і сур’ёзныя адносіны да прыняцця ўстойлівых мадэляў вытворчасці і спажывецтва, а таксама новага стылю жыцця. Сённяшні стыль, разам з культурай адчужэння, нельга назваць устойлівым, сказаў кардынал і заклікаў выключыць гэты стыль з мадэляў выхавання і развіцця. Напрыканцы сваёй прамовы іерарх нагадаў пра заклік Папы Францішка, каб прынятае пагадненне спрыяла памяншэнню наступстваў кліматычных змен, барацьбе з беднасцю і ахове годнасці чалавечай асобы. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |