Пачало дзейнічаць пагадненне паміж Святым Пасадам і Палесцінай | Друк |
Дзяржава Ватыкан
05.01.2016 12:45

Увайшло ў сілу Усёабдымнае пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Палесціна, падпісанае 26 чэрвеня 2015 г. Прыняты дакумент з’яўляецца вынікам перамоў, праведзеных з дапамогай двухбаковай рабочай камісіі на працягу апошніх некалькіх гадоў.

У яго аснове ляжыць Асноўнае пагадненне, падпісанае паміж Святым Пасадам і Арганізацыяй вызвалення Палесціны 15 лютага 2000 года.

Усёабдымнае пагадненне складаецца з прэамбулы і 32 артыкулаў, змешчаных у 8 раздзелах. Яно датычыць важных аспектаў жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Дзяржаве Палесціна і пацвярджае падтрымку перамоў і мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне.

Для ўступлення дакумента ў сілу было неабходна, каб абодва бакі паведамілі адзін аднаму ў пісьмовай форме аб тым, што канстытуцыйныя ці ўнутраныя патрабаванні для ўступлення яго ў сілу былі выкананы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by