У бібліятэцы Ватыкана адбудзецца прэзентацыя гравюры да Года Міласэрнасці | | Друк | |
Дзяржава Ватыкан |
22.02.2016 14:23 |
Памятныя гравюры вырабляюцца ў Ватыканскай бібліятэцы да ўсіх вялікіх падзей у гісторыі Касцёла. «Юбілейны» графічны твор выканалі італьянскія мастакі П’ерлуіджы Ісола і Патрыцыё Дзі Шула. Іх выбар адбыўся дзякуючы дыялогу, які Папская бібліятэка вядзе з сучасным мастацтвам, распавяла Барбара Ята, куратар праекта. На гравюры прысутнічаюць выявы панарамы Рыма, чатырнаццаці ўчынкаў міласэрнасці, прадстаўленых у выглядзе алегорый, а таксама Святых Дзвярэй, якія на працягу Юбілейнага Года адчыніў Папа Францішак. Па словах аўтараў праекту, ён павінен праз мастацтва прадэманстраваць пасланне Года Міласэрнасці. Гравюры будуць выдадзены абмежаваным накладам — усяго 200 экземпляраў. Частку з іх Святы Айцец будзе ўручаць асобам, якіх будзе прымаць з візітамі. Іншая частка з’явіцца ў продажы, як плён дзейнасці Апостальскай бібліятэкі. Дзве «Юбілейныя» гравюры ўжо былі падараваны Дзяржсакратарыятам Ватыкана князю Манака Альберу ІІ і Прэзідэнту Ірана Хасану Рухані. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV). |