Святы Пасад заклікаў ААН да абароны свабоды веравызнання | Друк |
Дзяржава Ватыкан
10.03.2016 12:02

Падчас пасяджэння Рады па правах чалавека ААН Ватыкан адзначыў «недахоп палітычнай волі з боку разнастайных інстытутаў міжнароднай супольнасці» ў справе абароны права на рэлігійную свабоду.

«Прыніжэнне той сутнаснай ролі, якую рэлігія адыгрывае ва ўсіх грамадствах, не можа быць адказам на сучасныя выклікі», — сказаў выконваючы абавязкі кіраўніка пастаяннай місіі Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе мансеньёр Рычард Джыра.

«Мы жывём у свеце, у якім праходзіць глабалізацыя тэхнакратычнай парадыгмы. Гэты працэс свядома імкнецца стварыць аднамерную аднастайнасць і знішчыць усе адрозненні і традыцыі ў павярхоўным пошуку адзінства», — дадаў мансеньёр Джыра.

«Рэлігіі маюць права і абавязак казаць пра магчымасць пабудовы грамадства здаровага плюралізму, які паважае адрозненні і цэніць іх... Крытычна важна, каб да людзей усіх рэлігійных перакананняў ці атэістаў ставіліся аднолькава, без дыскрымінацыі і пераследу», — сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Паводле англійскай рэдакцыі Ватыканскага радыё  (АлГ)

 
© 2003-2025 Catholic.by