Даменная зона «.catholic» аб'яднае афіцыйныя каталіцкія рэсурсы | Друк |
Дзяржава Ватыкан
04.04.2016 16:46

Cакратарыят па камунікацыі Апостальскай Сталіцы стварыў бюро «DotCatholic» з мэтай кіравання інтэрнэт-даменам верхняга ўзроўню «.catholic», прызначанага для распаўсюджвання навучання, паслання і каштоўнасцяў Каталіцкага Касцёла ў кібер-прасторы, якая ўсё больш пашыраецца.

Ініцыятыва гэтага рашэння належыць Дзяржаўнаму сакратарыяту Яго Святасці.

Кіраваць працай новай групы, якая складаецца з сямі чалавек, будзе італьянскі інжынер Маўро Міліта, да гэтага часу кіраўнік аддзела інфарматыкі Ватыканскага радыё. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, распаўсюджаным 4 красавіка 2016 г.

У даменнай зоне «.catholic» будуць прадстаўлены дыяцэзіі, парафіі і іншыя афіцыйныя каталіцкія структуры. Гэта робіцца для таго, каб карыстальнік, які набірае адрас такога сайта, быў упэўнены, што мае справу не з нейкімі нефармальнымі арганізацыямі ці супольнасцямі, якія выдаюць сябе за католікаў, а менавіта з Каталіцкім Касцёлам.

Некалькі гадоў таму Міжнародная карпарацыя па размеркаванні адраснай прасторы інтэрнэту (ICANN) ухваліла заяўку Святога Пасаду на дамен верхняга ўзроўню на кірыліцы «.католик», а таксама на аналагічныя дамены ў арабскім і кітайскім напісанні.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ)

 
© 2003-2025 Catholic.by