Аўстрыйскі кардынал: страх — кепскі дарадчык | Друк |
Дзяржава Ватыкан
25.04.2016 16:21

Арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн нагадаў, што «страх не з’яўляецца добрым дарадчыкам» у пытанні бежанцаў ці сітуацыі з беспрацоўем.

Страх не дапаможа ў вырашэнні ніякіх грамадскіх праблем, не адкрые ніякіх перспектыў на будучыню, напісаў аўстрыйскі іерарх у сваёй аўтарскай рубрыцы, якая кожны тыдзень выходзіць на старонках бясплатнай газеты «Heute».

Арцыбіскуп Венскі падкрэсліў, што бацькі не змогуць добра падрыхтаваць сваіх дзяцей, «калі будуць толькі вызначаць ім межы і захоўваць ад небяспек, замест таго, каб добра развіваць іх здольнасці». У артыкуле, які з’явіўся перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Аўстрыі, іерарх адзначыў, што «менавіта гэтага патрабуе грамадства» краіны.

Артыкул выйшаў пад назвай «Пазбаўцеся страху». Кардынал Шонбарн нагадаў пра аднайменную кнігу аўстрыйскага тэолага і сацыёлага кс. Паўла Цулехнера, які заклікае там, дзе большасць людзей бачыць праблему, бачыць шанец.

Іерарх нагадаў і пра перадвыбарчы дэвіз Прэзідэнта ЗША Барака Абамы: «Yes, we can» (Так, мы можам) і заклікаў аўстрыйцаў прыйсці на выбары, паколькі «існуе вялікая патрэба ў людзях, якія не падтрымліваюць страхаў, але ўказваюць на магчымасць вырашэння праблем». Кардынал дадаў, што на старонках Святога Пісання таксама часта паўтараецца заклік: «Не бойцеся!»

Папярэдні падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах у Аўстрыі паказаў, што ў другі тур, са значным адрывам ад іншых кандыдатаў, выходзіць лідар правай «Партыі свабоды» Норберт Хофер, які крытычна ставіцца да міграцыйнай палітыкі Еўрапейскага Саюза.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by