Святы Пасад прыпыніў аўдыт фінансаў | Друк |
Дзяржава Ватыкан
26.04.2016 15:56

Апостальская Сталіца прыпыніла аўдыт ватыканскай фінансавай сістэмы, які праводзіўся кампаніяй «PricewaterhouseCoopers». Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, апублікаваным 26 красавіка Залай Друку Святога Пасаду.

«Прыпыненне праверкі не выклікана сумнівамі адносна ўсеахопнасці або якасці працы, пачатай “PricewaterhouseCoopers” і тым больш не жаданнем адной ці некалькіх структур Святога Пасаду блакаваць правядзенне рэформ. Аднак з’явіліся элементы, якія тычацца значэння і разумення некаторых умоваў кантракту і спосабаў яго выканання. Гэтыя элементы павінны быць канкрэтызаванымі», — гаворыцца ў паведамленні.

Рашэнне было прынята пасля кансультацый з кампетэнтнымі структурамі і экспертамі. Апостальская Сталіца выказвае пажаданне, што перыяд вывучэння элементаў кантракту зможа прайсці ў атмасферы спакою і супрацоўніцтва. «Правядзенне належнай эканоміка-фінансавай праверкі для Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан застаецца прыярытэтным», — адзначаецца ў паведамленні.

Аб правядзенні аўдыту ватыканскай фінансавай сістэмы з дапамогай знешняй кампаніі, якой стала «PricewaterhouseCoopers», было аб’яўлена ў снежні 2015 г. Аўдыт быў прызначаны ў межах увядзення новай фінансавай стратэгіі і практыкі кіравання, а таксама яе прывядзення да адпаведнасці міжнародным стандартам.

«PricewaterhouseCoopers» — брытанская міжнародная сетка кампаній, якая прапануе паслугі ў галіне кансалтынгу і аўдыту. Яна ўваходзіць у так званую «вялікую чацвёрку» аўдытарскіх кампаній свету.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by