Святы Пасад і В’етнам абмяняліся поглядамі на адносіны | Друк |
Дзяржава Ватыкан
27.10.2016 09:44

Апостальская Сталіца і В’етнам абмяняліся поглядамі на стан двухбаковых адносін і сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў гэтай паўднёваазіяцкай краіне.

24-26 кастрычніка ў Ватыкане прайшло шостае пасяджэнне сумеснай працоўнай групы.

Дэлегацыі ўзначальвалі кс. Антуан Камільеры, намеснік сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, і Буй Тхань Шон, намеснік Міністра замежных спраў В’етнама.

У ходзе сустрэчы в’етнамскі бок падкрэсліў паляпшэнне ў заканадаўчай і палітычнай сферах краіны на карысць абароны свабоды веравызнання грамадзян, а таксама ўклад Каталіцкага Касцёла ў яе сацыяльнае і эканамічнае развіццё.

Святы Пасад высока ацаніў увагу в’етнамскіх уладаў да патрэбаў Касцёла, сведчаннем чаго з’яўляецца нядаўняе адкрыццё Каталіцкага інстытута ў В’етнаме, а таксама дапамога ў арганізацыі важных касцёльных цырымоній і мерапрыемстваў.

Бакі пастанавілі працягваць дыялог і адзначылі існаванне прагрэсу ў адносінах, які выражаецца ў рэгулярных кантактах і кансультацыях, абмене дэлегацыямі высокага ўзроўню, частых душпастырскіх візітах у В’етнам папскага дыпламатычнага прадстаўніка для гэтай краіны арцыбіскупа Леапольда Джырэлі, рэзідэнцыя якога знаходзіцца ў Сінгапуры.

Было вырашана, што наступная, сёмая сустрэча сумеснай працоўнай групы пройдзе ў Ханоі. Дата яе правядзення будзе аб’яўлена пазней. На заканчэнне сустрэчы члены в’етнамскай дэлегацыі здзейснілі візіт ветлівасці да Дзяржсакратара кардынала П’етро Параліна.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by