Бэнэдыкт XVI заклікаў улады Конга пакласці канец вайне | Друк |
Святы Айцец
29.04.2010 17:13

Няхай улады Дэмакратычнай Рэспублікі Конга імкнуцца пакласці канец вайне, якая яшчэ працягваецца ў некаторых правінцыях гэтай краіны, — заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у звароце да новага пасла Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (Афрыка) у Апостальскай Сталіцы. Святы Айцец звярнуў увагу, што Конга перажывае зараз асабліва цяжкія і трагічныя хвіліны, а сляпое і бязлітаснае насілле, якое пануе там, сее знішчэнне і смерць.

«Асабліва хвалююся аб жанчынах, дзецях і моладзі, аб прыгнятанні іх годнасці», — адзначыў Папа. Пантыфік нагадаў, што Касцёл прагне садзейнічаць унутранаму аздараўленню і братэрству ў гэтай афрыканскай краіне. Па словах Папы, належыць выкарыстаць усе палітычныя і чалавечыя сродкі, каб пакласці мяжу цярпенням і распачаць працэс адбудовы і справядлівасці. Неабходна ўмацаванне пазіцыі сям’і і міжчалавечых адносінаў, якія павінны абапірацца на інтэгральным выхаванні, якое стане крыніцай міру і справядлівасці.

«Мір — гэта не толькі адсутнасць канфліктаў, але дар і заданне, якое абавязвае людзей і дзяржаву», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. Папа звярнуўся таксама да міжнароднай грамадскасці з заклікам дапамагаць усталяванню міру і правапарадку ў Конга.

 
© 2003-2024 Catholic.by