Ірак: Святы Айцец заклікае пакласці канец насіллю і будаваць мір | Друк |
Святы Айцец
04.05.2010 17:46

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI выказаў спачуванне ў сувязі з тэрарыстычнай атакай на аўтобусы, у якіх ехалі студэнты-хрысціяне горада Масул. Папа заклікаў народ Ірака пакласці канец насіллю і будаваць мір. Гэтыя словы знаходзім у спачувальнай тэлеграме, накіраванай ад імя Пантыфіка Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.

Падчас замаху, які адбыўся ў нядзелю, 2 мая 2010 г., чатыры чалавекі загінулі, а 171 атрымалі раненні. 17 з іх зараз знаходзяцца ў цяжкім стане.

Бэнэдыкт XVI запэўніў у духоўнай блізкасці з хрысціянскай супольнасцю Ірака і паўтарыў свой ранейшы заклік да ўсіх людзей добрай волі, каб яны пракладвалі шлях міру і не дапускалі актаў насілля, якія сталі прычынай такіх вялікіх цярпенняў.

 
© 2003-2024 Catholic.by