Святы Айцец аб значэнні крыжа ў жыцці хрысціяніна | Друк |
Святы Айцец
21.06.2010 13:26
Аб значэнні крыжа ў жыцці хрысціяніна казаў Бэнэдыкт XVI у разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» 20 чэрвеня 2010 г. у Ватыкане. Пантыфік адзначыў, што «ў цяперашні час у свеце ёсць шмат хрысціянаў, якія, кіруючыся любоўю да Бога, кожны дзень бяруць крыж як штодзённых выпрабаванняў, так і крыж, які прыносіць варварства чалавека, што часам патрабуе найвышэйшай ахвяры».

Святы Айцец у разважаннях звярнуўся да святой Імшы ў базыліцы святога Пятра, падчас якой удзяліў сакрамэнт святарства чатырнаццаці дыяканам Рымскай дыяцэзіі. «Сакрамэнт святарства ўказвае з боку Бога на Яго клапатлівую блізкасць з людзьмі, а з боку тых, якія яго прымаюць, поўную гатоўнасць, каб стаць прыладай гэтай блізкасці праз радыкальную любоў да Хрыста і Касцёла», — адзначыў Папа.

«Браць крыж азначае быць зацікаўленым у пераадольванні граху, які перашкаджае на шляху да Бога, прымаць штодня волю Пана, узрастаць у веры перад абліччам праблем, цяжкасцяў, цярпенняў», — падкрэсліў Пантыфік, — «Няхай Пан так учыніць, каб мы мелі сваю надзею ў Ім, упэўненыя, што, ідучы за Ім з нашым крыжом, дасягнём святла змёртвыхпаўстання».

Напрыканцы малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец даручыў мацярынскай апецы Марыі новых святароў, просячы каб «заўсёды былі вернымі вучнямі, адважнымі вестунамі Божага слова і ахоўнікамі Яго дароў збаўлення».
 
© 2003-2025 Catholic.by