Адбыўся абед Папы з падапечнымі Місіянерак Любові | Друк |
Святы Айцец
27.12.2010 14:21

Аб любові, якая перамяняе свет, нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, запрашаючы самых бедных жыхароў Рыма на святочны абед 26 снежня 2010 г. У зале Паўла VI былі падрыхтаваны сталы для амаль 500 гасцей, якімі апякуюцца Місіянеркі Любові з супольнасці, заснаванай Маці Тэрэзай з Калькуты.

Нагодай для святочнага абеду стала 100-годдзе нараджэння Маці Тэрэзы. Сёстры з супольнасці благаслаўлёнай працуюць у Рыме з 70-х гг. ХХ ст., чынячы справы міласэрнасці для найбольш патрабуючых, убогіх, бяздомных і хворых.

Група ўбогіх сядзела і за адным сталом з Папам. Сярод іх былі мусульманін з Эфіопіі, кітаец, швейцарац, гаіцянін і індуска. У кароткім разважанні Святы Айцец адзначыў, што толькі любоў з’яўляецца сілай, здольнай перамяніць свет.

«Благаслаўлёная Тэрэза з Калькуты любіла ўсіх без адрознення, ставячы на першае месца найбольш патрабуючых і пакінутых, — падкрэсліў Пантыфік. — Яна была яскравым знакам айцоўства і дабрыні Бога. Яна здолела распазнаць у кожным твар Хрыста, якога любіла ўсёй сваёй істотай. Адаравала Яго і прымала ў Эўхарыстыі, а потым сустракала на вуліцах гарадоў, становячыся жывой „іконай“ Езуса, якая лечыць раны чалавека ласкай міласэрнай любові. Яна сама казала, што найвышэйшай узнагародай для яе было любіць Хрыста і служыць Яму ва ўбогіх. Яе кволая постаць са складзенымі рукамі, або калі яна абдымае хворага, паміраючага ці дзіця, з’яўляецца бачным знакам жыцця, перамененага Богам. У змроку чалавечага цярпення дзякуючы ёй заззяла святло Божай любові, якое многім сэрцам дапамагло знайсці мір, які можа ахвяраваць толькі Бог».

Папа падзякаваў Місіянеркам і Місіянерам Любові за пакорную і схаваную ад чалавечых вачэй прысутнасць, якая ў сэрцы Бога знаходзіць надзвычайную каштоўнасць. Таксама Пантыфік нагадаў, што іх сведчанне жыцця ў любові ўказвае згубленаму чалавецтву, якое шукае шчасця, дзе знаходзіцца крыніца сапраўднай радасці. Убогіх Святы Айцец запэўніў у пастаяннай малітве і благаславіў.

 
© 2003-2024 Catholic.by