Святы Айцец пра значнасць экуменічнага дыялога | Друк |
Святы Айцец
24.01.2011 12:22

23 студзеня 2011 г. Папа па традыцыі звярнуўся да прысутных на плошчы Св. Пятра ў Рыме. У катэхезе Пантыфік разважаў над літургіяй слова, якая сцвярджае важнасць адзінства хрысціянаў.

«Дарагія браты і сёстры! У гэтыя дні, з 18 па 25 студзеня, праходзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. У гэтым годзе яго тэмай сталі словы з кнігі Дзеяў Апосталаў, дзе коратка, у некалькіх словах апісваецца жыццё ранніх хрысціянскіх супольнасцяў у Ерузалеме: „Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам“ (пар. Дз 2, 42), — нагадваў Пантыфік. — Гэта вельмі паказальна, што тэма была прапанавана Касцёламі і касцёльнымі супольнасцямі Іерусаліма, якія аб’яднаны ў экуменічным духу. Мы ведаем, як са шматлікімі выпрабаваннямі мусяць змагацца браты і сёстры Святой Зямлі і Блізкага Усходу. Іх служэнне становіцца такім чынам яшчэ больш каштоўным, пацверджаным сведчаннем, якое ў некаторых выпадках вядзе нават да ахвяры жыцця. Таму, калі мы з радасцю прымаем ідэі да роздуму, прапанаваныя супольнасці Іерусаліма, мы збіраемся вакол іх, і гэта становіцца для ўсіх вернікаў дадатковым фактарам еднасці».

«Нават і сёння, каб быць у свеце знакам і прыладай цеснага з’яднання з Богам і еднасці паміж людзьмі, мы, хрысціяне, павінны будаваць наша жыццё на гэтых чатырох „слупах”: 1) на слуханні слова Божага, якое перадаецца ў жывой традыцыі Касцёла; 2) на братэрскіх адносінах; 3) на Эўхарыстыі і 4) на малітве, — цытуе словы Святога Айца беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Толькі такім чынам, застаючыся цвёрда злучанымі з Хрыстом, Касцёл можа эфектыўна выконваць сваю місію, нягледзячы на абмежаванні і недахоп святароў, нягледзячы на падзелы, з якімі ўжо апосталу Паўлу давялося сутыкнуцца ў супольнасці ў Карынце, аб чым сведчыць другое чытанне гэтай нядзелі: „Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб з’ядналіся вы ў адным духу і аднадумстве„ (пар. 1 Кар 1,10). Апостал даведаўся, што ў хрысціянскай супольнасці Карынты ўзніклі канфлікты і падзелы, таму з вялікай цвёрдасцю дадае: „Хіба падзяліўся Хрыстус?“. Так гаворачы, Апостал сцвярджае, што кожны падзел у Касцёле з’яўляецца знявагай Хрыста; і ў той жа час, што толькі ў Езусе, Адзіннай Галаве і Пану, мы заўсёды можам быць з’яднанымі, дзякуючы невычэрпнай сіле Ягонай ласкі».

«Вось заклік сённяшняга Евангелля, які заўсёды актуальны: „Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (пар. Мац 4, 17), — працягваў Пантыфік. — Сур’ёзная зацікаўленасць у прыйсці да Хрыста з’яўляецца шляхам, які вядзе Касцёл у выбраным Богам часе да поўнага, бачнага адзінства хрысціян. Яго знакам з’яўляюцца экуменічныя сустрэчы, якія ў гэтыя дні праходзяць ва ўсім свеце. Тут, у Рыме, апрача прысутнасці шматлікіх экуменічных дэлегацый, заўтра распачнецца пасяджэнне Камісіі па справах тэалагічнага дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і старажытнымі Усходнімі Цэрквамі. І ў аўторак 25 студзеня мы завершым Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў урачыстай вячэрняй малітвай у свята навяртання апостала Паўла. Няхай нас заўсёды суправаджае на гэтым шляху Панна Марыя, Маці Касцёла».

Пасля малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец удзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне.

 


 
© 2003-2025 Catholic.by