Святы Айцец: Евангелле змяняе свет | | Друк | |
Святы Айцец |
19.09.2011 12:22 |
У другім нядзельным чытанні з Паслання св. апостала Паўла да Філіпянаў, па словах Папы, змяшчаецца гімн да Хрыста, які з’яўляецца поўным сінтэзам Яго таямніцы: ўцелаўлення, прыніжэння аж да смерці на крыжы і Яго ўваскрасення. «Гэта новы сэнс жыцця, чалавечага быцця, якое з’яўляецца адзінствам з жывым Езусам Хрыстом, не толькі з гістарычнай постаццю, настаўнікам мудрасці, рэлігійным лідарам, але з чалавекам, у якім жыве Бог. Яго смерць і ўваскрасенне — гэта Добрая Навіна, якая, пачынаючы з Ерузалема, павінна дайсці да ўсяго чалавецтва і народаў, перамяніць знутры ўсе культуры, адкрываючы іх на фундаментальную праўду аб тым, што Бог з’яўляецца любоўю, Ён стаў чалавекам у Езусе і праз Яго ахвяру адкупіў чалавецтва з рабства зла, даючы яму верагодную надзею», — прыводзіць словы Пантыфіка Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. «Сёння мы жывём у эпоху новай евангелізацыі. Перад намі адкрываюцца шырокія гарызонты для абвяшчэння Евангелля і ў той жа час рэгіёны старажытнай хрысціянскай традыцыі пакліканы нанава адкрываць прыгажосць веры. Галоўнымі героямі гэтай місіі з’яўляюцца мужчыны і жанчыны, якія, як св. Павел, могуць сказаць: „Для мяне жыццё — гэта Хрыстус“. Асобы, сем’і, супольнасці, якія працуюць у вінаградніку Пана, паводле Евангелля сённяшняй нядзелі, гэта шчырыя і пакорныя работнікі, якія не просяць ніякай зарплаты, акрамя той, што могуць удзельнічаць у місіі Езуса і Касцёла». Папа адзначыў, што Евангелле змяніла свет і надалей яго змяняе, як рака, якая ўгнойвае палі. |