Пантыфік сустрэўся з духавенствам Рымскай дыяцэзіі | Друк |
Святы Айцец
24.02.2012 10:34

Па традыцыі на пачатку Вялікага посту Святы Айцец сустракаецца з духавенствам Рымскай дыяцэзіі. Сёлета такая сустрэча адбылася ў чацвер 23 лютага. Бэнэдыкт XVI звярнуўся да прысутных, разважаючы ўрывак з Паслання да Эфесцаў (4, 1–16).

Пантыфік падкрэсліў, што для адзінства Касцёла неабходна развіваць евангельскія цноты, характэрныя выключна для Новага Запавету. А менавіта — пакору і лагоднасць. Пры гэтым лагоднасць не мае нічога агульнага са слабасцю. Святы Айцец адзначыў, што Езус таксама ўмеў быць строгім, але толькі там, дзе гэта было неабходна, і захоўваючы дабрыню сэрца. Што ж да пакоры, то, на думку Папы, дзякуючы гэтай цноце мы пазбягаем спакусы пераацаніць сябе, захоўваем неабходную меру ў думках і ўчынках.

Святы Айцец звярнуў увагу духавенства на такую праблему ў сучасным Касцёле, як недастатковыя веды аб веравучэнні. Што, па словах Папы, «не дазваляе нам развівацца і ўмацоўвацца ў адзінстве».

Пры гэтым Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу духавенства на тое, што сутнасць сталай і свабоднай думкі ў апошнія дзесяцігоддзі разумелася няправільна. У ёй бачылі перш за ўсё вызваленне ад вернасці вучэнню Касцёла, што прыводзіла да падпарадкавання дыктатуры свету і меркаванняў, якія навязваюць СМІ.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец уручыў святарам брашуры «Абраны Богам для людзей» з парадамі аб плённым перажыванні Года веры.

 
© 2003-2025 Catholic.by