Бэнэдыкт XVI пра таямніцу Унебаўшэсця Пана | | Друк | |
Святы Айцец |
21.05.2012 10:36 |
«Унебаўшэсце Пана азначае выкананне збаўлення, пачатак якому быў дадзены праз уцелаўленне. Пасля апошніх запаветаў вучням, Езус узышоў на неба (пар. Мк 16,19). Аднак Ён „не аддзяліўся ад нашага стану”; але наадварот, у сваёй чалавечнасці ахапіў людзей у любові Айца і такім чынам паказаў апошнюю мэту нашага зямнога пілігрымавання. Як для нас Ён зышоў з неба, так для нас Ён пакутаваў і памёр на крыжы, таксама для нас Ён уваскрос і ўзышоў да Бога, які цяпер не далёка, бо Ён — наш Бог і наш Айцец», — адзначыў Пантыфік. «Унебаўшэсце — гэта апошняе дзеянне ў справе нашага вызвалення з путаў граху, як піша апостал Павел: „Узышоў на вышыні і ўзяў з сабой нявольнікаў” (пар. Эф 4, 8)», — дадаў Бэнэдыкт XVI. «Дарагія сябры, Унебаўшэсце кажа нам, што ў Хрысце наша чалавечнасць узносіцца да вышыняў Бога; так, кожны раз, калі мы молімся, зямля злучаецца з небам. І, як ладан, згараючы, узносіць увышыню свой духмяны дым, так, калі ўзносім да Бога нашу палкую і верную малітву ў Хрысце, яна прасякае нябёсы і даходзіць да трону Бога, даходзіць да Яго пачутай і выслуханай», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё. Пасля малітвы «Regina Caeli» Пантыфік заклікаў маліцца за ахвяр тэрарыстычнага акту, які адбыўся 19 мая каля адной са школ на поўдні Італіі і за ахвяраў землятрусу, які адбыўся ўноч на 20 мая на поўначы Італіі. Бэнэдыкт XVI нагадаў таксама, што 20 мая адзначаецца Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі, тэмай якога ў гэтым годзе з’яўляецца «Маўчанне і слова: шлях да евангелізацыі». «Маўчанне — гэта неад’емная частка камунікацыі, гэта прывілеяванае месца для сустрэчы са словам Божым і нашымі братамі і сёстрамі. Заклікаю вас маліцца, каб камунікацыя ў любой сваёй форме служыла для ўстанаўлення сапраўднага дыялога, які будзе асноўвацца на ўзаемнай павазе, слуханні і дзяленні», — сказаў Пантыфік. |