Бэнэдыкт XVI сустрэўся з будучымі дыпламатамі Апостальскай Сталіцы | Друк |
Святы Айцец
12.06.2012 10:40

11 чэрвеня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі Папскай касцёльнай акадэміі — установы, якая рыхтуе дыпламатычных прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы. Сустрэча прайшла з нагоды заканчэння навучальнага года і падрыхтоўкі выпускнікоў акадэміі да пачатку выканання дыпламатычнай місіі.

У сваёй прамове Пантыфік звярнуў увагу на цноту вернасці. Святы Айцец нагадаў, што ў біблійным кантэксце вернасць — гэта перш за ўсё Боская характарыстыка, якую Стварыцель перадаў чалавеку. Пантыфік заклікаў будучых дыпламатаў «захоўваць сувязь з Вікарыем Хрыста, як частку сваёй духоўнасці».

«Канечне, гэта датычыць кожнага католіка, і яшчэ больш кожнага святара», — адзначыў Папа і дадаў, што для тых, хто дзейнічае ад імя Апостальскай Сталіцы, гэтае вымярэнне набывае асаблівы характар.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа падкрэсліў, што дыпламатычныя прадстаўнікі Святога Пасаду пакліканы да «сапраўднага сяброўства» з тымі мясцовымі Касцёламі і супольнасцямі, у якія яны будуць накіраваны. Святы Айцец патлумачыў, што гэтае «сяброўства» «канкрэтызуецца праз руплівую штодзённую працу, прысутнасць паміж імі ў сумныя, шчаслівыя ці нават драматычныя моманты гісторыі, набыццё глыбокіх ведаў аб іх культуры, касцёльным жыцці, каб быць здольнымі ацаніць, наколькі Божая ласка дзейнічала ў кожным народзе і нацыі».

 
© 2003-2025 Catholic.by