Бэнэдыкт XVI: Касцёл неабыякавы да якасці жыцця людзей | Друк |
Святы Айцец
22.06.2012 14:40

22 чэрвеня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі каля 100 членаў найбуйнейшай італьянскай сельскагападарчай асацыяцыі «Coldiretti». Пантыфік выразіў сваё захапленне дзейнасцю арганізацыі на карысць сем’яў, якія жывуць і працуюць у італьянскіх вёсках.

«Грамадства, эканоміка і праца не з’яўляюцца сферамі выключна свецкімі і далёкімі ад хрысціянскага паслання», — адзначыў Святы Айцец. — Касцёл ніколі не быў абыякавым да якасці жыцця людзей, умоваў іх працы, наадварот, заўсёды адчуваў абавязак клапаціцца аб чалавеку і тых асяродках, дзе ён жыве і працуе».

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што для гэтага Касцёл карыстаецца дапамогай арганізацый, якія чэрпаюць сваё натхненне з сацыяльнага навучання Касцёла, да якіх і належыць «Coldiretti».

«Працяглы эканамічна-фінансавы крызіс з яго невызначанымі наступствамі ставіць прадпрымальнікаў, якія працуюць у сферы сельскай гаспадаркі і рыбалоўства, перад абліччам выклікаў малавядомых і безумоўна цяжкіх, — цытуе словы Папы Ватыканскае радыё. — Вы пакліканы да таго, каб адказаць на іх як хрысціяне, развіваючы абноўленае і глыбокае адчуванне адказнасці, практыкуючы салідарнасць і ўзаемнае дзяленне».

 
© 2003-2025 Catholic.by