Папа завяршыў трылогію «Езус з Назарэту» | Друк |
Святы Айцец
02.08.2012 15:09

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI завяршыў напісанне трэцяга тома сваёй трылогіі «Езус з Назарэту». Аб гэтым паведаміла 2 жніўня Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Трэці том трылогіі прысвечаны дзяцінству Езуса і ў арыгінале носіць назву «Die Kindheitsgeschichten». Гэтая кніга з’яўляецца, у некаторым родзе, падсумаваннем дзвюх папярэдніх. Па інфармацыі Ватыканскага радыё, на дадзены момант рукапіс перададзены для перакладу на іншыя мовы; ён будзе адбывацца непасрэдна з нямецкай. Зала Друку выказвае спадзяванне, што гэта дасць магчымасць вялікай колькасці чытачоў пазнаёміцца з творам Папы. Паколькі дакладны пераклад тэксту мае вялікае значэнне, на яго спатрэбіцца пэўная колькасць часу.

У 2007 г. з’явілася першая частка трылогіі, якая называлася «Ад хросту ў Ярдане да Перамянення». Другая выйшла ў 2011 г. і была прысвечана перыяду «Ад уезду ў Ерузалем да Уваскрасення». Напісанне ўсёй трылогіі заняло ў Святога Айца 5 гадоў.

 
© 2003-2025 Catholic.by