Папа да будысцкага Патрыярха: прыхільнасць справе міру з боку рэлігійных лідэраў мае вялікае значэнне | Друк |
Святы Айцец
03.08.2012 13:11

3 жніўня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне на святкаванне 25-й гадавіны міжрэлігійнай малітвы за мір на японскай гары Хэй-дзан. У тэлеграме на імя Каюн Ханга, Вярхоўнага Патрыярха будысцкай школы Тэндай, Папа прывітаў рэлігійных лідэраў, якія сабраліся ў гадавіну правядзення сустрэчы, што прайшла ў духу гістарычнай сустрэчы ў Асізі ў 1986 г.

«Прыхільнасць справе міру з боку рэлігійных лідэраў мае вялікае значэнне, і я рады, што дзякуючы вашым намаганням сустрэча на вышэйшым узроўні на гары Хэй стала галоўнай штогадовай падзеяй, якая спрыяе эфектыўнаму дыялогу паміж людзьмі розных вераванняў», — напісаў Папа, чые словы цытуе Ватыканскае радыё, да Каюн Ханга ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ. Святы Айцец нагадаў, што любоў у адпаведнасці з хрысціянскім пунктам гледжання «з’яўляецца адлюстраваннем чароўнай міласэрнасці Бога, які так палюбіў свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага Езуса Хрыста».

Бэнэдыкт XVI прызнаўся, што яго думкі звяртаюцца да мінулагодніх землятрусу і цунамі на паўночным усходзе Японіі і іх пакутлівых наступстваў для ўсёй нацыі. «Было прыемна даведацца аб дзейснай ролі рэлігійных лідэраў у нясенні надзеі і падтрымкі, а таксама парады і суцяшэння для ўсіх, хто пакутаваў. Трагічныя падзеі таксама паказалі, як людзі розных перакананняў могуць супрацоўнічаць адзін з адным на карысць чалавека», — напісаў Святы Айцец.

Тэлеграму на форуме прачытаў прадстаўнік Бэнэдыкт XVI арцыбіскуп П’ер Луіджы Чэлата, былы сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, які ў гэтыя дні знаходзіцца з візітам у Японіі.

 
© 2003-2021 Catholic.by