У Ліване Бэнэдыкт XVI наведае чатыры Патрыярхаты | Друк |
Святы Айцец
07.09.2012 10:55

Падчас апостальскага візіту ў Ліван, які распачнецца 14 верасня, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведае чатыры Патрыярхаты, што маюць свае сядзібы на тэрыторыі гэтай блізкаўсходняй краіны. Адразу пасля прыбыцця ў Бейрут Папа накіруецца ў невялікае прадмесце сталіцы Харысу. Тут у базыліцы св. Паўла, якая належыць грэка-мельхіцкаму Патрыярхату і знаходзіцца побач з санктуарыем Маці Божай Ліванскай, Пантыфік падпіша паслясінадальную адгартацыю для Блізкага Усходу.

15 верасня, пасля сустрэчы з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, Бэнэдыкт XVI прыме ўдзел у абедзе з Патрыярхамі і біскупамі Лівана, членамі спецыяльнай рады Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу. Па інфармацыі Ватыканскага радыё, гэты абед адбудзецца ў рэфекторыі Армянскага каталіцкага Патрыярхату ў Бзамары. Вечарам гэтага дня Папа прыме ўдзел у сустрэчы з ліванскай моладдзю. Яна адбудзецца на плошчы перад рэзідэнцыяй Мараніцкага Патрыярхату ў Бкерке. Нарэшце, 16 верасня, у апошні дзень свайго ліванскага падарожжа, Святы Айцец паўдзельнічае ў экуменічнай сустрэчы ў Сіра-каталіцкім Патрыярхаце ў Шарфеце.

Усе гэтыя месцы знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да сталіцы Лівана Бейрута, а мяжу паміж імі немагчыма ўбачыць вачыма, бо сталіца і прадмесці злучаны паміж сабой.

 
© 2003-2024 Catholic.by