Святы Айцец скіраваў на сустрэчу з вернікамі Сірыі кардынала Сара | Друк |
Святы Айцец
07.11.2012 14:53

7 лістапада падчас агульнай аўдыенцыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI паведаміў, што па-ранейшаму з вялікай заклапочанасцю сочыць за трагічнай сітуацыяй у Сірыі, «дзе баявыя дзеянні не спыняюцца і з кожным днём колькасць ахвяр расце, што суправаджаецца невымоўнымі пакутамі шматлікіх асобаў, асабліва тых, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы». Папа паінфармаваў таксама, што на сустрэчу з сірыйскімі хрысціянамі накіроўваецца старшыня Папскай рады «Cor Unum» кардынал Рабэр Сара.

Пантыфік нагадаў, што «ў знак уласнай салідарнасці і салідарнасці ўсяго Касцёла з сірыйскім народам» хацеў адправіць дэлегацыю Сіноду Біскупаў у Дамаск (Сірыя). «На жаль, з-за розных абставінаў і падзей не ўдалося ажыццявіць гэтую ініцыятыву, як планавалася, і таму я вырашыў даручыць спецыяльную місію кардыналу Рабэру Сара», — сказаў Святы Айцец і дадаў, што з сённяшняга дня да 10 лістапада кардынал будзе знаходзіцца ў Ліване, дзе сустрэнецца з пастырамі і вернікамі Цэркваў, прысутных у Сірыі.

Па словах Папы, кардынал Сара наведае таксама шматлікіх бежанцаў з гэтай краіны і правядзе нараду каталіцкіх дабрачынных установаў, якіх Апостальская Сталіца настойліва прасіла «аказаць дапамогу сірыйскаму народу ў межах і за межамі краіны для каардынацыі намаганняў».

Бэнэдыкт XVI запэўніў у малітве за сірыйскіх вернікаў і ў чарговы раз запрасіў канфліктуючыя бакі «не шкадаваць намаганняў у пошуках міру» і шукаць «шляхі да справядлівага суіснавання». «Ніколі не позна працаваць на карысць міру!» — адзначыў Святы Айцец, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by