Святы Айцец да біскупаў Францыі: у важных сацыяльных дэбатах рашучы голас Касцёла павінен быць чутны | Друк |
Святы Айцец
17.11.2012 16:10

17 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прадстаўнікоў французскага епіскапату, якія знаходзяцца ў Апостальскай Сталіцы з візітам ad limina Apostolorum. Звяртаючыся да прадстаўнікоў нацыі, якую Папа назваў багатай на хрысціянскую гісторыю і да гэтага часу на пакліканні, Пантыфік падкрэсліў адказнасць Касцёла ў Францыі за перадачу веры новым пакаленням.

«Хрыстовае аб’яўленне, якое абвяшчае Касцёл, з’яўляецца не толькі носьбітам рэлігійнай ідэнтычнасці (...), але і мудрасці, якая дазваляе правільна адказваць на канкрэтныя пытанні, — адзначыў Святы Айцец. — У важных сацыяльных дэбатах рашучы і нястомны голас Касцёла павінен быць чутны». «Працягваючы дзейнічаць ва ўсведамленні прарочага аспекту вашага біскупскага служэння, вы ўносіце ў гэтыя дэбаты непахіснае слова праўды, якая вызваляе і адкрывае сэрцы на надзею. Я ўпэўнены, што гэта словы, якіх усе чакаюць. Францыя можа ганарыцца тым, што многія яе сыны і дочкі высокага інтэлектуальнага патэнцыялу ставяцца з павагай і прыслухоўваннем да Касцёла», — адзначыў Папа, звяртаючыся да французскіх іерархаў.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік прыгадаў нядаўнія сустрэчы з французскімі святарамі і кансэкраванымі асобамі, адзначыўшы іх смеласць абуджаць сучасніка да пашырэння Божага плану, заклікаць чалавека да адказнасці, годнасці і свабоды.

Святы Айцец заахвоціў біскупаў і вернікаў Францыі не паддавацца на спробы абмежавання веры прыватнай сферай, абараняць шлюб як саюз мужчыны і жанчыны, абапірацца ў пытаннях біяэтыкі на дакументы Касцёла па абароне жыцця. Папа пажадаў, каб хрысціяне краіны пачалі актыўней служыць агульнаму дабру, рэалізуючы сацыяльнае навучанне Касцёла.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by