Папа да ўдзельнікаў «Падворка язычнікаў»: ніякая праблема не можа быць поўнасцю вырашана, калі Бог не стаіць у цэнтры жыцця | Друк |
Святы Айцец
17.11.2012 17:47

16–17 лістапада ў партугальскіх гарадах Гімарайншы і Бразе праходзіў «Падворак язычнікаў» на тэму «Каштоўнасць чалавечага жыцця», арганізаваны Папскай радай па культуры. З гэтай нагоды Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI скіраваў да ўдзельнікаў сустрэчы спецыяльнае пасланне.

У пасланні Папа адзначыў, што святасць жыцця належыць да маральнай спадчыны чалавецтва. «Жыццё — гэта не штосьці, чым я магу свабодна распараджацца, але дар, які трэба верна ахоўваць», — напісаў Пантыфік да ўдзельнікаў сустрэчы веруючых і няверуючых, якія сабраліся ў Партугаліі. Святы Айцец дадаў, што розум можа цаніць каштоўнасць жыцця, але толькі бясконцая і ўсемагутная любоў Бога дае жыццё вечнае, і «гэтая ўпэўненасць абвяшчаецца Касцёлам».

Папа падкрэсліў, што Бог любіць кожнага і кожны заслугоўвае годнага жыцця. «У наш час чалавек часта адштурхоўваецца ад Стварыцеля і Збаўцы. Ён давярае больш самому сабе, чым Богу, замкнуўшыся ў будынку без акна, і як быццам хоча забяспечыць сам сабе святло і цяпло», — адзначыў Папа. «Каштоўнасць жыцця праяўляецца толькі тады, калі Бог існуе», — дадаў Святы Айцец.

Папа заклікаў таксама і няверуючых жыць так, «як быццам і для іх Бог існуе», нават і тады, калі яны не маюць сілы верыць. «Ніякая праблема не можа быць поўнасцю вырашана, калі Бог не стаіць у цэнтры жыцця, калі Яму (…) не надасца вырашальная роля ў нашым жыцці, - напісаў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. — Той, хто адкрываецца на Бога, не становіцца чужым для свету і людзей, але сустракае братоў».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by