Бэнэдыкт XVI да студэнтаў Рыма: будзьце вернымі Богу ў новым літургічным годзе | Друк |
Святы Айцец
02.12.2012 12:16

«Няхай новы літургічны год, які распачынаецца, будзе для вас шляхам, на якім вы зможаце перажыць вернасць Богу», — пажадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI студэнтам Рыма. Пантыфік сустрэўся з моладдзю на Нешпарах 1 снежня ў ватыканскай базыліцы.

Па словах Папы, увесь літургічны год накіраваны на адкрыццё вернасці Хрыста, які аб’яўляецца як Дзіця ў Бэтлееме. Гісторыя збаўлення — гэта, як адзначыў Святы Айцец, шлях любові і міласэрнасці, бо Бог Абрагама, Ісаака і Якуба заўсёды быў Богам блізкім да людзей і ніколі не пакідаў свайго народу, хоць і шматразова атрымліваў ад яго нявернасць. Бог, як падкрэсліў Пантыфік, ніколі не замыкаўся ад людзей у небе, аднак схіліўся над чалавечай гісторыяй, уступіў у яе як Дзіцятка і перажыў усе этапы жыцця.

Сапраўднай школай перажывання хрысціянскай веры Папа назваў літургію, якая «дазваляе стаць жывымі каменямі Касцёла і супрацоўнікамі новай евангелізацыі». Гэта асабліва датычыць Эўхарыстыі, у якой Бог стаў для людзей пасілкам, жывой прысутнасцю. З яе, па словах Пантыфіка, вернікі чэрпаюць сілы, каб сведчыць пра Бога іншым людзям.

Святы Айцец прапанаваў рымскім студэнтам у новым літургічным годзе паразважаць пра сутнасць веры, у чым могуць паспрыяць разнастайныя дыскусіі на гэтую тэму ў навучальных установах — як дзяржаўных, так і прыватных, а таксама ў Папскіх універсітэтах. Добрай нагодай стане таксама Сусветны дзень моладзі, які пройдзе летам 2013 г. у бразільскім Рыа дэ Жанэйра.

На заканчэнне Нешпараў прадстаўнікі рымскага ўніверсітэта «Roma Tre» перадалі дэлегацыі бразільскай моладзі абраз Маці Божай Сталіцы Мудрасці.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by