Папа да новаабранага Патрыярха Антыёхіі: мы маем адказнасць супольна працягваць наш шлях | Друк |
Святы Айцец
28.12.2012 15:48

Аб неабходнасці адзінства хрысціян y нестабільныя часы, калі на Блізкім Усходзе пануе насілле, нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у звароце да новаабранага грэка-праваслаўнага Патрыярха Антыёхіі і ўсяго Усходу Яна Х. Іерарх быў абраны новым Патрыярхам Антыёхіі 17 снежня, пасля смерці свайго папярэдніка на гэтай пасадзе Патрыярха Ігнацыя IV.

Паводле Святога Айца, сведчанне адзінства з боку вызнаўцаў Хрыста неабходна, «каб свет паверыў у евангельскае пасланне любові, міру і згоды». «Мы маем адказнасць супольна працягваць наш шлях, каб паказаць, яшчэ больш відавочным чынам, духоўную рэальнасць еднасці, няхай нават не да канца дасягнутай, але якая ўжо нас аб’ядноўвае», — напісаў Папа, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Бэнэдыкт XVI пажадаў, каб адносіны паміж грэка-праваслаўным Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам глыбока развіваліся праз розныя формы плённага супрацоўніцтва і вырашэнне праблем, якія падзяляюць вызнаўцаў Хрыста. Пантыфік падкрэсліў таксама важную ролю ў гэтым працэсе змешанай Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі.

Папа запэўніў новаабранага Патрыярха ў сваіх малітвах, а таксама ў просьбах да Бога аб суцяшэнні для ахвяраў насілля на Блізкім Усходзе.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by