Кіраўнік ватыканскай Прэс-службы: Апостальская Сталіца заўсёды надавала асаблівую ўвагу супольнасцям Кітая | Друк |
Святы Айцец
29.12.2012 13:39

Старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі звярнуў увагу на значэнне прывітання, якое папа Бэнэдыкт ХVI скіраваў новаму кіраўніцтву Кітайскай Народнай Рэспублікі падчас сёлетняга благаслаўлення «Urbi et Orbi». Святы Айцец нагадаў падчас благаслаўлення аб высокім заданні, якое чакае кітайскіх кіраўнікоў.

Кажучы пра тое, што Кітай мае ўсё большае значэнне на міжнароднай арэне, кс. Ламбардзі патлумачыў у сваёй рубрыцы на Ватыканскім радыё: «На гэта трэба глядзець не з пункту гледжання ўлады, але спрыяння будаванню міру і салідарнасці на дабро гэтага шляхетнага народа і ўсяго свету». Таксама для кітайскага народа рэлігійная свабода з’яўляецца асноўнай перадумовай «будавання салідарнага грамадства», аб чым пастаянна нагадвае Папа.

Кіраўнік ватыканскай Прэс-службы дадаў, што Апостальская Сталіца заўсёды надавала асаблівую ўвагу каталіцкім супольнасцям Кітая, і гэта пастаянна і з яснасцю падкрэслівалася ў пасланнях Пантыфікаў да гэтага народа.

Ксёндз Ламбардзі выказаў надзею, што ў новым годзе «Валадар Супакою прыбудзе да ўсіх народаў, малых і вялікіх».

(AG)

 
© 2003-2021 Catholic.by