Папа на завяршэнне 2012 года: нягледзячы на ўсё, у свеце існуе дабро, і яно пераможа | Друк |
Святы Айцец
01.01.2013 12:59

Нешпарамі з удзелам Святога Айца завяршыўся ў Апостальскай Сталіцы 2012 год. У гаміліі Папа звярнуў увагу на значэнне гімна «Te Deum», які прагучаў падчас гэтай урачыстасці.

У «Te Deum», па словах Пантыфіка, схавана глыбокая мудрасць, дзякуючы якой «мы можам сказаць, што, нягледзячы на ўсё, у свеце існуе дабро, і яно пераможа дзякуючы Богу». Папа дадаў, што сёння ўчынкі любові і служэння, штодзённая праца часта застаюцца ў ценю і пра іх не гаворыцца ў мас-медыя. Мы «павінны ўмець затрымацца ў маўчанні, разважанні», каб наш дух знайшоў «аздараўленне ад ран штодзённага жыцця». «У засяроджанасці сумлення, калі да нас прамаўляе Бог, мы навучымся глядзець у праўдзе на нашы дзеянні, нават на зло, прысутнае ў нас і вакол нас, каб распачаць шлях навяртання, што ўчыніць нас мудрэйшымі і лепшымі», — сказаў Святы Айцец, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Папа адзначыў таксама, што Год веры павінен узбуджаць у сэрцах хрысціян свядомасць таго, што сустрэча з Хрыстом — крыніца жыцця ў праўдзе і моцнай надзеі.

Звяртаючыся да вернікаў дыяцэзіі Рыма, якія па традыцыі ўдзельнічалі ў набажэнстве, Пантыфік падкрэсліў, што Рым — горад, дзе хрысціянскую веру трэба абвяшчаць нанова і сведчыць аб ёй. Па словах Папы, кожны вернік гэтага горада павінен адчуваць сябе абавязаным прапаведаваць Евангелле іншым, падобна апосталу Паўлу (пар. Рым 1, 14–15).

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by