Папа павіншаваў усходнія народы з Новым годам і звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасцяў Дня хворых | Друк |
Святы Айцец
10.02.2013 15:42

Напрыканцы малітвы «Анёл Панскі» 10 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI павіншаваў народы Далёкага Усходу з Новым годам, які яны адзначаюць сёння па лунным календары. «Мір, згода і падзяка Небу — паўсюдныя каштоўнасці, якія святкуюцца з гэтай радаснай нагоды», — сказаў Папа.

Пантыфік дадаў, што гэтых каштоўнасцяў «жадаюць усе, каб будаваць сваю сям’ю, грамадства і народ». «Жадаю, каб для гэтых народаў маглі споўніцца імкненні да шчаслівага і квітнеючага жыцця. Асаблівыя віншаванні скіроўваю да католікаў гэтых краін, каб у гэты Год веры дазволілі, каб імі кіравала мудрасць Хрыста», — такія словы звярнуў Святы Айцец.

Таксама Папа нагадаў, што 11 лютага, у літургічны ўспамін Маці Божай з Люрда, будзе адзначацца Сусветны дзень хворых. Яго цэнтральныя ўрачыстасці пройдуць у марыйным санктуарыі ў Альтоцінгу (Германія). «Малітвай і любоўю абдымаю ўсіх хворых і духоўна злучаюся з тымі, хто збіраецца ў гэтым асабліва блізкім мне санктуарыі», — сказаў Пантыфік.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by