У маі наступнік Бэнэдыкта XVI кананізуе 802 чалавекі | Друк |
Святы Айцец
12.02.2013 15:42

Падчас звычайнай кансісторыі 11 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI разам з Калегіяй кардыналаў пастанавіў, што да ліку святых будуць далучаны мучанікі з італьянскага Атранта і дзве заснавальніцы законных супольнасцяў. Кананізацыю, якая запланавана на 12 мая, здзейсніць новы Папа.

800 мучанікаў — мужчыны ад 15 гадоў — у 1480 г. прынялі смерць ад рук турэцкіх захопнікаў у Атранта, адмовіўшыся перайсці ў іслам. Ад імя ўсёй групы Антоніо Прымальда заявіў, што яны згодныя памерці, але не адрачыся ад сваёй веры. У 1980 г., у 500-годдзе гэтай мучаніцкай смерці, Атранта наведаў папа Ян Павел ІІ. У 2007 г. папа Бэнэдыкт XVI зацвердзіў дэкрэт аб мучаніцтве, якое гэтыя свецкія вернікі прынялі за Хрыста.

Па інфармацыі польскай рэдакцыі Ватыканскага радыё, 12 мая будуць кананізаваны таксама дзве благаслаўлёныя, якія жылі на рубяжы XIX i XX стагоддзяў, — калумбійка Лаура ад святой Кацярыны Сіенскай, заснавальніца Таварыства Сясцёр Місіянерак Беззаганнай Панны Марыі і св. Кацярыны Сіенскай, і мексіканка Марыя Гвадалупэ, адна з заснавальніц Таварыства Служабнічак святой Маргарыты Марыі і ўбогіх.    

(AG)   

 

 
© 2003-2024 Catholic.by