Папа да духавенства Рыма: наша задача — праца дзеля аднаўлення Касцёла | Друк |
Святы Айцец
14.02.2013 16:47

14 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з духавенствам дыяцэзіі Рыма. Пантыфік заклікаў святароў да вернай рэалізацыі пастановаў Другога Ватыканскага Сабору і запэўніў у сваёй малітве.

У імправізаванай прамове, якая працягвалася больш за 45 хвілін, Святы Айцец падзякаваў духавенству за «любоў да Касцёла і Папы».

Пантыфік засяродзіў увагу на значэнні Другога Ватыканскага Сабору, які быў «Саборам веры, шукаючай разумення знакаў часу, шукаючай адказу на выклікі, якія ставіць у гэтыя хвіліны Бог». Аднак, заўважыў Папа, было два Саборы — сапраўдны і «сабор мас-медыя», які менавіта і нёс інфармацыю да людзей, разумеючы яе не ў святле веры, а ў грамадскіх катэгорыях без кантэксту веры, часта на мове палітыкі.

Па словах Пантыфіка, для СМІ Сабор быў палітычнай барацьбой за ўладу розных груп у Касцёле. «Відавочна, СМІ прымалі бок тых, хто адпавядаў іх спосабу бачання свету», — дадаў Святы Айцец.

Сапраўдны ж Сабор, як падкрэсліў Папа, сустрэўся з цяжкасцямі. «Сабор віртуальны быў мацнейшы за рэальны, але сапраўдная сіла Сабору ўсё ж прысутнічала і паступова становіцца той сілай, якая з’яўляецца сапраўдным аднаўленнем Касцёла. Мне здаецца, што праз 50 гадоў пасля Сабору мы бачым, як гэтае яго віртуальнае бачанне адступае і ясна выяўляецца яго сапраўдная сіла», — дадаў Святы Айцец.

«Наша задача — праца дзеля таго, каб было рэалізавана сапраўднае саборнае аднаўленне, каб Касцёл аднавіўся. Веру, што Бог нам дапаможа», — з такімі словамі звярнуўся Пантыфік да духавенства.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by