Прэс-служба Апостальскай Сталіцы пра першыя гадзіны Пантыфікату папы Францішка | Друк |
Святы Айцец
14.03.2013 20:23

Гаворачы пра падзеі вечара 13 сакавіка, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі адзначыў, што падчас выказвання кардыналамі павагі і паслухмянасці новаабранаму Пантыфіку ў Сікстынскай капэле папа Францішак стаяў, а не сядзеў, як гэта адбывалася на мінулых канклавах. Таксама святар паведаміў, што імя новага Папы пішацца «Францішак», а не «Францішак І».

Як інфармуе Ватыканскае радыё, падчас брыфінгу ў Апостальскай Сталіцы кс. Ламбардзі нагадаў, што Папа з’явіўся на балконе лоджыі ватыканскай базылікі ў простай белай сутане без чырвонай пелерыны і з крыжам, які насіў яшчэ будучы біскупам. Пасля ўдзялення благаслаўлення «Urbi et Orbi» Святы Айцец паехаў у Дом св. Марты ў аўтобусе разам з кардыналамі, а не ў асобнай машыне, якая была для яго падрыхтавана. Падчас святочнай вячэры, звяртаючыся да іерархаў, ён пажартаваў, кажучы пра сваё абранне: «Няхай Бог вам прабачыць тое, што вы зрабілі».

14 сакавіка раніцай, падчас візіту ў базыліку Санта Марыя Маджорэ, новы Папа ехаў без картэжа, толькі ў суправаджэнні адной машыны Ватыканскай жандармерыі. Тут ён усклаў на алтар сціплы букет з кветак і памаліўся ў цішыні. Пасля візіту ў базыліку Папа заехаў у дом, дзе жыў перад канклавам, каб забраць некаторыя свае рэчы, падзякаваць персаналу і аплаціць рахунак.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by