Сустрэча Папы з журналістамі: хацеў бы, каб Касцёл быў бедным і для бедных | Друк |
Святы Айцец
16.03.2013 14:18

Святы Айцец патлумачыў, чаму абраў імя Францішак. 16 сакавіка ў Зале Паўла VI у Ватыкане Папа правёў сустрэчу з журналістамі.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік падзяліўся, што падчас канклаву побач з ім сядзеў яго сябар арцыбіскуп Сан-Паўла на пенсіі і былы прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў кардынал Клаўдыё Хумэс. «Калі сітуацыя пачала станавіцца нябеспечнай, ён мяне супакойваў», — пажартаваў Папа. Пантыфік расказаў таксама, што падчас падліку галасоў, калі іх колькасць дасягнула неабходных дзвюх трэцяў, бразільскі іерарх абняў яго і сказаў на вуха: «Не забудзь пра бедных». Гэта падшутрхнула да прыняцця рашэння аб выбары імені.

Пантыфік дадаў, што ў момант, калі падлік галасоў працягваўся, ён падумаў не толькі пра бедных, але і пра шматлікія войны, а «святы Францішак Асізскі з’яўляецца чалавекам супакою, чалавекам, які любіць і бароніць стварэнне». «У гэты момант, мы не маем добрых адносінаў са стварэннем, праўда?» — спытаўся ў журналістаў Папа і дадаў: «Як бы я хацеў, каб Касцёл быў бедным і для бедных!»

Падчас сустрэчы Святы Айцец падзякаваў журналістам за іх працу. Папа адзначыў, што касцёльныя падзеі больш складаныя за палітычныя ці эканамічныя, але маюць асаблівую характарыстыку: яны не адпавядаюць зямной логіцы, таму іх цяжка прадстаўляць шырокай публіцы. «Касцёл, нягледзячы на тое, што з’яўляецца чалавечым інстытутам, гістарычным, (…) не мае палітычнай прыроды, але толькі духоўную: гэта Народ Божы. Святы Народ Божы, які крочыць на сустрэчу з Езусам Хрыстом. Толькі гледзячы ў гэтай перспектыве, можна цалкам зразумець, як Каталіцкі Касцёл дзейнічае», — сказаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў цэнтры Касцёла знаходзіцца не Наступнік св. Пятра, але Хрыстус, без якога «ні Пётр, ні Касцёл не мелі б прычын для існавання». Святы Айцец таксама падкрэсліў, што Касцёл удзяляе вялікую ўвагу працы журналістаў. «Ваша праца патрабуе вучобы, адчування, досведу, як і іншыя прафесіі, але таксама асаблівай увагі ў адносінах да праўды, дабрыні і прыгажосці; і гэта нас робіць асабліва блізкімі, таму што Касцёл існуе, каб камунікаваць Праўду, Дабрыню і Прыгажосць „in persona”. Павінна быць ясна, што мы ўсе пакліканы не камунікаваць саміх сябе, але гэту важную трыяду, якую складаюць праўда, дабрыня, прыгажосць», — адзначыў Пантыфік.

Традыцыю сустрэчы новаабранага Папы з журналістамі заклаў Ян Павел ІІ, а працягнуў Бэнэдыкт XVI. На аўдыенцыі 16 сакавіка прысутнічала больш за 6 тысяч працаўнікоў СМІ.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by