Святы Айцец павіншаваў архіепіскапа Кентэрберыйскага з інтранізацыяй | Друк |
Святы Айцец
21.03.2013 15:28

Папа Францішак павіншаваў архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі з інтранізацыяй, якая адбылася 21 сакавіка. Святы Айцец скіраваў кіраўніку Англіканскай Царквы пасланне, у якім падзякаваў за «цёплыя словы» ў сувязі з яго абраннем на Святы Пасад.

«Пастырскае служэнне — гэта заклік да шляху ў вернасці Евангеллю нашага Пана Езуса Хрыста», — адзначыў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. Святы Айцец запэўніў англіканскага іерарха ў сваёй малітве і папрасіў маліцца таксама за яго, каб мог адказаць на заклік, з якім Пан да яго звярнуўся. Папа адзначыў, што чакае магчымасці сустрэцца з новым архіепіскапам Кентэрберыйскім у бліжэйшай будучыні і жадае працягваць братэрскія адносіны, устаноўленыя яго папярэднікамі.

Віншаванні архіепіскапу Джасціну Уэлбі скіраваў 4 лютага 2013 г. таксама Бэнэдыкт XVI , пажадаўшы, каб служэнне новага англіканскага іерарха «прынесла багатыя плёны і адкрыла вушы і вочы многіх на ажыўляючае пасланне Евангелля».

Архіепіскап Джасцін Уэлбі быў прызначаны кіраўніком Англіканскай Царквы 4 лістапада 2012 г., змяніўшы на гэтай пасадзе архіепіскапа Роўэна Уільямса.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by