Зняволеныя рымскай калоніі для непаўналетніх уражаны навіной пра візіт Папы | Друк |
Святы Айцец
22.03.2013 18:32

Навіна аб тым, што ў Вялікі чацвер папа Францішак наведае рымскую калонію для непаўналетніх «Casal del Marmo» і падчас Імшы Вячэры Пана абмые ім ногі, выклікала вялікае здзіўленне ў зняволеных і супрацоўнікаў калоніі.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, капелан калоніі а. Гаэтана Грэка адзначыў, што для маладых людзей гэта стане «вялікім уражаннем, якое пазначыць іх жыццё і прынясе ў яго станоўчы знак». Святар выказаў упэўненасць, што візіт Папы стане стымулам ісці наперад, абвяшчаючы Евангелле ў складаных месцах.

Хлопцы і дзяўчыны ў рымскай калоніі маюць магчымасць хадзіць у школу і атрымаць прафесійныя навыкі, звязаныя з апрацоўкай дрэва, вырабам мэблі, шыццём вопраткі ці прыгатаваннем піцы.

Калонію «Casal del Marmo» наведвалі таксама бл. Ян Павел ІІ у 1980 г. і Бэнэдыкт XVI у 2007 г.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by